Афіцыйны сайт
3 верасня 2019

50 000 гасцей, больш за 200 журналістаў і калейдаскоп падзей. У Слоніме адгрымеў Дзень беларускага пісьменства

Па традыцыі ў першую нядзелю верасня Сінявокая адзначыла Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе знамянальная ўрачыстасць супала з Днём ведаў, які сабраў больш за 700 хлопцаў і дзяўчат на вялікі эксклюзіўнай лінейцы. Смела можна сказаць, што ў Слоніме адгрымела двайное свята, якое запомніцца яшчэ надоўга. Арганізатары адзначаюць, што кожны год Дзень беларускага пісьменства мае свой каларыт і зусім не падобны на папярэдні.

Больш за 50 000 чалавек прыехалі ў Слонім спецыяльна на Дзень беларускага пісьменства: тут і мясцовыя жыхары і госці з іншых гарадоў і краін. Праграма свята ахапіла не толькі горад, але і яго наваколлі, бо ў гэтыя дні прайшлі і выязныя экскурсіі - гэтыя маштабы ўражваюць! Зразумелая справа, каб ахапіць усе лакацыі і асвятліць ўсё, што адбываецца, патрэбна не тое што каманда, а цэлы полк журналістаў. У гэты дзень аб адным з галоўных культурных святаў краіны распавядалі больш за 200 карэспандэнтаў.

 Упэўнена можна сказаць, што ўсе разам яны стварылі сотні матэрыялаў, якія паказалі свята тым, у каго не атрымалася пабываць у эпіцэнтры падзей. Фатографы, карэспандэнты і аператары працавалі ў рэжыме нон-стоп: гэта і рэгіянальныя СМІ і рэспубліканскія журналісты, а аб'ём трафіку ў сацсетках зусім зашкальваў.